У лесе было зацішна і цёпла. Рэдкія сосны на ўзлессі ледзьве гайдаліся ў сваім адвечным суме, на залітым смалою пні грэлася яшчарка, гарчыў пах апалага лісця і вялай травы, сухое ігліцы і багуну, датлявалі пазелянелыя трэскі і хваёвая кара. Я сеў на стары аблузаны выварат з высока задранымі карэннямі, чыркаў кіёчкам па зямлі, збіваў паразяўленыя шышкі, а з колішняга кастрышча высокі прывялы скрыпень пускаў доўгія пасмы пуху. Я радаваўся, што прыгравала сонца, што дыхаў гаркаватым асеннім паветрам, успаміналіся наша палата, хлопцы, што асталіся пасля мяне, і наш беладрэўны цэх.