)АЛЯКСЕЙ КОРШАК КЛЯНОВЫ ЛІСТ Паслана золата кляновае ўдалі... І вось апошні ліст плыве агнёвы, І лёг ля ног маіх на стомленай зямлі Асенні ліст, апошні ліст кляновы. Кляновы ліст, апошні гэты ліст Я на далоні ўзяў, сухі, памяты. Няхай жа вар'яцее ветру свіст, Я прынясу яго сабе дахаты. Я песню напішу пра гэты ліст. Аб ім у сэрцы след нічым не сцерці. Жыві ж, асенні ліст, кляновы ліст, Жыві ж у песні, ў памяці, у сэрцы. Вясна прамые неба сінявой, І кожны расцвіце вакол закутак, Тады з галінкі памяці маёй Ты ападзеш, як нейкі ціхі смутак. І ў сэрцы ты завянеш назаўжды, Адзенецца жыццё зялёным лістам, І толькі ў песні гэтай будзеш ты Звінець заўсёды звонам залацістым. 3