Сочинение: "найпрыгажэйшая кветка палесся" па трылогіі якуба коласа "на ростанях"

CagBak CagBak    2   20.05.2019 15:20    129

Ответы
lyazzat260703 lyazzat260703  14.06.2020 01:29

У беларускай літаратуры створана многа жаночых вобразаў. Адным з прыкладаў з'яўляецца вобраз Ядвісі — «прыгажэйшай кветкі Палесся». 
     Вобраз Ядвісі пададзены ў асноўным праз успаміны Лабановіча, таму яе думкі і перажыванні схаваныя ад нас, і вельмі цяжка вызначыць яе настрой і тое, што робіцца ў дзяўчыны на сэрцы. Але гэтым Ядвіся і прыцягвае да сябе ўвагу. Яна — як загадка, якую хочацца разгадаць. Аўтар вельмі яскрава апісвае яе ў пачатку трылогіі: «...стройная, чарнявая дзяўчына, гадоў шаснаццаці», з пышнымі чорнымі валасамі, якія перахвачаны чырвонай стужкай. Цёмныя круглыя вочы былі як бы люстэркам яе шматграннай натуры. У іх то «іскрыўся вясёлы смех і нахіл да жартлівасці, то адбівалася нейкае засмучэнне і тая сталасць, што рабіла ўражанне, быццам дзяўчына многа перажыла, перадумала». У Ядвісі вельмі моцны характар, бо Яна ўмее спалучаць у сваім характары смутак і весялосць. Ужо з дзіцячых гадоў жыццё не песціла яе. I расказ бабкі Мар'і яшчэ болын упэўнівае нас у гэтым. 
     Ядвіся вырасла ў сям'і пана падлоўчага, чалавека вельмі жорсткага і дэспатычнага. Не раз яна з'яўлялася сведкай тых жудасных здзекаў, якія бацька чыніў над маці. Смерць маці і тое пекла, у якім жыла Ядвіся, балюча адазваліся на яе мяккай натуры. 
     Нягледзячы на тое, што Ядвіся была жвавая і вясёлая ад прыроды, яне не магла пазбавіцца ад смутку, які вельмі глыбока залёг у яе сэрцы. I толькі калі яна заставалася адна, то магла даць волю сваім невясёлым думкам. Але быў адзін чалавек, якому Ядвіся магла расчыніць сваю дупіу і выліць увесь свой смутак. Гэта бабка Мар'я. Яна была для Ядвісі самым блізкім чалавекам. Бабка вучыла яе таму, як трэба мужна пераносіць пакуты жыцця. I ўжо ў свае шаснаццаць гадоў Ядвіся была сталай і самастойнай дзяўчынай. 
     Вельмі добра раскрываецца характар Ядвісі ў першым, чыстым каханні да Лабановіча. Яна паўстае перад ім то вясёлая і радасная, з хітраватаю ўсмешкаю, то маўклівая і задуменная, з вачыма, поўнымі смутку. Лабановічу вельмі спадабалася Ядвіся, бо гэта быў той прамень, які прабіваўся сярод цемры ў глухой вёсачцы. Вось як гаворыць пра Ядвісю сам Лабановіч: «Што за дзяўчына! Што за натура! Яна любіць мяне!.. Ці ж можна не любіць яе, гэтую лепшую, прыгажэйшую казку Палесся. Ядвісечка!.. Мілая, любімая!» У гэтыя словы ўкладзены самыя лепшыя думкі і пачуцці да Ядвісі. Яна таксама сімпатызуе Лабановічу. Ядвіся, як матылёк, ціхенька падыходзіла да школы і глядзела ў яго вокны. Яна радавалася, што можа назіраць за Лабановічам збоку, углядацца ў яго добрыя і задумлівыя вочы. Ядвісі падабалася слухаць, як Лабановіч вёў урок, як часам пакрыкваў на сваіх вучняў, сярдуючы на падняты шум. Многа радасці і шчасця прынесла Ядвісі каханне, але, між тым, у яе сэрцы жыве трывога. Мімаволі ўзнікае пытанне: а што сабою ўяўляе Лабановіч? I калі аднойчы ён паспрабаваў яе пацалаваць, то і тут яна вядзе сябе недаверліва. Лабановіч параўноўвае Ядвісю з калючаю грушаю, бо яна прыгожая, як груша, але, у той жа час, калючая, недатыкальная: жыццё зрабіла яе такой. Аўтар апісвае яшчэ шмат учынкаў, праз якія раскрываецца Ядвіся як дзяўчына, якая кахае ўсім сэрцам. Але, нягледзячы на сваю любоў да Лабановіча, Ядвіся хоча пакінуць вёску, каб вырвацца ад прыгнёту і насілля: у доме бацькоў яна адчувае сябе, як птушка ў клетцы. I калі такая магчымасць надараецца, то Ядвіся назаўсёды пакідае Цельшына. Яна адмаўляецца ад шчасця, якое трымала ў сваіх руках. 
     Хто вінаваты ў гэтым? Да гэтага пытання можна падысці па-рознаму. Напрыклад, я лічу, што вінаваты тыя абставіны жыцця ў Беларусі, пры якіх не было месца асабістаму шчасцю. Аўтар з вялікай замілаванасцю паставіўся да сваей гераіні. Гэта вельмі добра адчуваецца на працягу ўсяго твора.

ПОКАЗАТЬ ОТВЕТЫ
Другие вопросы по теме Литература