Яшчэ пры князю Альгердзе (1345—1377) старабеларуская літаратурная мова стала дзяржаўнай у ВКЛ. Дзякуючы гуманістам эпохі Рэнесансу пачалося станаўленне самасвядомасці беларусаў («ліцвінаў» або «русінаў», як тады іх называлі), статус беларускай мовы ў дзяржаўным і рэлігійным жыцці яшчэ больш павысіўся. На ёй вялося справаводства, прымаліся агульнадзяржаўныя прававыя акты (Судзебнік 1468 г. Казіміра Ягелончыка, Метрыка ВКЛ), быў створаны і выдадзены найбольш дасканалы ў Еўропе ХVІ—ХVІІІ стагоддзяў звод асноўных законаў, што выконваў функцыі Канстытуцыі дзяржавы, — Статут ВКЛ (тры рэдакцыі: 1529, 1566, 1588). Усё гэта спрыяла развіццю беларускай культуры, розных відаў і жанраў літаратуры (проза, паэзія, публіцыстыка, эпісталярная спадчына і інш.).