Шматгранная літаратурна-мастацкая спадчына Якуба Коласа – гэта неад'емная частка духоўнага набытку беларусаў, невычэрпная крыніца мудрасці, хараства і прыгажосці. Тут скандэнсаваны неацэнны маральны вопыт, які назапашваўся працоўным людам на розных этапах сваёй гісторыі – у гады паднявольнага існавання і ў гады барацьбы за свабоду і нацыянальную незалежнасць. Вершаваныя і празаічныя творы Коласа прадэманстравалі невычэрпныя магчымасці мастацкага, вобразнага слова, аплодненага глыбокім і шчырым пачуццём любові да жыцця, да чалавека і роднай зямлі. Разам са сваімі вялікімі паплечнікамі – Янкам Купалам, Максімам Багдановічам, Максімам Гарэцкім – Якуб Колас узняў беларускае прыгожае пісьменства на новы ўзровень, перад усім светам годна сцвердзіў яго аўтарытэт. Неацэнная заслуга народнага Песняра ў абуджэнні нацыянальнай свядомасці беларуса, выхаванні патрыятызму, у абароне гуманістычных ідэй, агульначалавечых каштоўнасцей. Якуб Колас – духоўны настаўнік нацыі, нястомны змагар за адраджэнне нацыянальнай культуры, роднай мовы, беларускай школы, беларускага тэатра. Творы Коласа – гэта выдатная школа, у якой вучылася не адно пакаленне паэтычнай моладзі.