Пры савецкай уладзе Янка Купала амаль бязвыезна жыў у Мінску, займаўся актыўнай літаратурнай і грамадскай працай, разам з усім савецкім народам раздзяляў радасці і беды, поспехі і складанасці пабудовы новага жыцця. Выдаваў кнігі («Спадчына», 1922 г.; «Безназоўнае», 1925 г.; «Ад сэрца», 1940 г. і інш.), прымаў удзел у стварэнні Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Акадэміі навук Беларусі, Саюза пісьменнікаў СССР, выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, сустракаўся з чытачамі ў розных мясцінах Беларусі і ўсяго СССР і інш. Напад гітлераўскай Германіі паэт сустрэў палкімі словамі закліку няшчадна знішчаць «гітлерцаў шалёных» — вершам «Беларускім партызанам».