У тагачаснай літаратуры Беларусі ўзаемадзейнічалі ўсход-нія, візантыйска-праваслаўныя, і заходнія, лаціна-каталіцкія, традыцыі. Гэта прывяло да існавання беларускага пісьменства адначасова на чатырох мовах. Апрача старабеларускай, творы пісаліся на стараславянскай (беларускай рэдакцыі), лацінскай і польскай мовах. Беларускамоўная творчасць і творчасць на стараславянскай (беларускай рэдакцыі) мове, якая падтрымлівалася дзяржаўнасцю беларускай мовы, шырока ўвасаблялася ў рэлігійнай літаратуры (Біблія ў перакладзе Францыска Скарыны, «Катэхізіс» Сымона Буднага, «Евангелле» Васіля Цяпінскага), паэзіі («Храналогія» і «Эпікграмы» Андрэя Рымшы), летапісах («Хроніка Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага», «Хроніка Быхаўца»), эпі-сталярыі («Лісты» Філона Кміты-Чарнабыльскага), мемуарах («Дыярыуш» Фёдара Еўлашоўскага), перакладной свецкай літаратуры («Аповесць пра Трышчана», «Аповесць пра Баву», «Аповесць пра пабоішча Мамая», «Гісторыя пра Атылу, караля Угорскага»). Звярталіся нярэдка беларускія аўтары і да польскай мовы («Дзесяцігадовая Аповесць» Андрэя Рымшы, «Перагрынацыя» Мікалая Крыштофа Радзівіла, «Пасольства Льва Сапегі да вялікага князя маскоўскага» Гальяша Пель-грымоўскага, «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі» Мацея Стрыйкоўскага). Пашырана была і літаратура на лацінскай мове (паэмы Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра», Яна Вісліцкага «Пруская вайна», творы Беняша Буднага, Андрэя Волана, Міхалона Літвіна, Яна Радвана і інш.). З 324 кніг, выдадзеных у ХVІ стагоддзі толькі ў друкарнях Вільні і Еўя, на беларускай і стараславянскай мовах з’явілася 50, на польскай — 114 і на лацінскай — 151. З 374 кніг, якія выйшлі з 1600 па 1625 год у розных беларускіх друкарнях (у тым ліку ў Брэсце, Нясвіжы, Лоску, Любчы і інш.), 56 выкарысталі беларускую і стараславянскую мовы, 202 — польскую і 107 — лацінскую.