Пераклад «Песні...» на беларускую мову зроблены Я. Семяжонам (1969; 1980 — новая рэдакцыя).. Такім чынам, як сцвярджае перакладчык, ён імкнуўся паказаць, што «пад вонкавай абалонкай чужога слова павінна пульсаваць жывая крывінка твайго роднага, пад сціплым вобразам аб’ёмнай і эканомнай латыні — шырыня і прастор, гнуткасць і дасканалая распрацаванасць мовы тваіх продкаў». Працуючы над аднаўленнем паэмы па-беларуску, Я. Семяжон імкнуўся, наколькі гэта было ў яго магчымасцях, быць верным арыгіналу — яго слову і зместу, але літаральна верным толькі там, дзе такая адэкватнасць па духу і даслоўнай адпаведнасці не шкодзіла мастацкаму ўзнаўленню твора ў цэлым і адпавядала натуральнаму гучанню беларускага верша. Улічваючы інтарэсы масавага чытача, Я. Семяжон стараўся прытрымлівацца аднаго з найважнейшых прынцыпаў школы мастацкага перакладу: перакладаць не толькі словы, але і тое, што стаіць за гэтымі словамі (падчас у падтэксце!), — ідэі і пачуцці, манеру іх выказвання, а месцамі нават і тое, што «прачытвалася» па-за радкамі, дзеля чаго гэты твор быў напісаны. Гэта не значыць, аднак, што перакладчык адвольна дапісваў твор за аўтара. Ён усяго толькі расстаўляў акцэнты там, дзе аўтар, у меру сваіх абмежаваных магчымасцей, вымушаны быў гаварыць шэптам ці толькі намёкамі.