Сярод твораў лірычных вылучаюцца песні, оды, эпіграмы, гімны, маршы і г. д. Да іх адносяцца таксама некаторыя фальклорныя жанры: загадкі, прыказкі і прымаўкі, замовы, галашэнні. Першапачаткова ў літаратуры, тады яшчэ вуснай, былі эпічныя жанры: казкі, легенды, быліны, гутаркі, думы і інш. Пазней, на пісьмовым этапе развіцця мастацтва слова, да іх далучыліся апавяданні, аповесці, раманы, нарысы, гумарэскі і інш. Існуюць ліра-эпічныя жанры, якія спалучаюць некаторыя ўласцівасці як лірыкі, так і эпасу: паэма, балада, байка. Што да драмы, то тут вылучаюцца камедыя, трагедыя, уласна драма, інтэрмедыя, фарс, вадэвіль.