Максім Багдановіч сцвярджаў: «…Заслугі Марцінкевіча перад беларускай літаратурай ляжаць усё ж не ў галіне мастацкіх дасягненняў, а ў галіне чыста гістарычнай. Яны ў тым дэмакратызме, які веяў ад сентыментальна-народніцкіх паэм Марцінкевіча, у той гуманізатарскай тэндэнцыі, якая выразна праступае з кожнага іх радка і якая была па тым часе вельмі не лішняй. Нарэшце, адзначым, што, шмат пішучы і шмат друкуючы, ён узбуджаў вакол сваіх твораў размовы і палеміку, нагадваў пра існаванне беларускай мовы і зародкаў беларускай літаратуры, наводзіў на пытанне пра магчымасць іх далейшага развіцця». Амаль з усім можна згадзіцца ў гэтым выказванні Максіма Багдановіча, апрача прымяншэння заслуг Беларускага Дудара перад беларускай літаратурай «у галіне мастацкіх дасягненняў». Магчыма, аўтар «Вянка» не выказаўся б так катэгарычна, калі б ведаў самыя значныя мастацкія творы пісьменніка. Аднак, на жаль, знакаміты фарс-вадэвіль «Пінская шляхта» і камедыя «Залёты» змаглі ўбачыць свет толькі пасля смерці Максіма Багдановіча, у 1918 г. А вершаваныя аповесці «Травіца брат-сястрыца», «Злая жонка» і «Халімон на каранацыі» — яшчэ пазней, ажно пасля Вялікай Айчыннай вайны...
Няведаннем асноўных марцінкевічаўскіх твораў абумоўлена і меркаванне Францішка Багушэвіча, выказанае ім у прадмове да кнігі «Смык беларускі» (1894): кніжкі «якогась пана Марцінкевіча… як бы смеючыся з нашага брата (г. зн. з селяніна) пісаны». Сапраўды, некаторымі сваімі раннімі творамі пісьменнік, кажучы яго словамі, імкнуўся, з аднаго боку, сялян «заахвоціць… да асветы і паправіць маральна», з другога — адукаваць паноў, паказаць ім, што вясковы люд — «гэта дзеці адной маткі, што гэта пакрыўджаныя браты і хрысціяне, якія маюць права на веды, як на нябесны хлеб» (з допісу ў варшаўскую «Польскую газету» ў 1861 г.). В. Дунін-Марцінкевіч ніколі не смяяўся з селяніна. Больш таго, ён таксама бачыў сацыяльную няроўнасць, усім сэрцам ненавідзеў прыгоннае права. Яшчэ ў «Ідыліі» (1846), першым з твораў, які дайшоў да нас цалкам, вуснамі селяніна Ціта заявіў: «Кажуць, што мужык хіцёр, ураг сваім панам і іх абмануе. Як жа нам быць шчырымі, калі яны з-пад ногця кроў нам высысаюць і, як з гадам, з мужыком абыходзяцца. А мы ж такі апошніх сіл дабываем, штоб на іх прыхаці зарабіць».