Першае маё ў гэтым годзе спатканне з лесам адбылося ў мінулую нядзелю. Стаяў мароз, таму жадаючых пагуляць па вуліцы было няшмат. Лес сустрэў мяне незвычайнай цішынёю. Не цілінькалі птушкі, не шапацелі дрэвы. Толькі дзесьці ўдалечыні паскрыпвала знаёмая мне яшчэ з лета сасна.