Па якой прычыне К. Каліноўскі называе сябе Яська-гаспадар з-пад Вільні? Наколькі такі літаратурны псеўданім адпавядае зместу і форме газеты «Мужыцкая праўда»?
Дзейнасць К. Каліноўскага стаяла каля вытокаў публіцыстычнага жанру новай беларускай літаратуры. Публіцыстыка разглядае надзённыя праблемы чалавечага жыцця (эканамічныя, філасофскія, культурныя і інш.), каб паўплываць на грамадскія погляды або на існуючыя палітычныя рэаліі. «Мужыцкая праўда» — першая беларуская нелегальная газета, якая несла народу праўду пра тагачасную грамадска-палітычную сітуацыю на Беларусі. Газета выдавалася на беларускай мове, друкавалася лацінкай; захавалася сем нумароў яе. Кожны нумар пачынаўся палымяным зваротам «Дзецюкі» і канчаўся подпісам «Яська-гаспадар з-пад Вільні», што выклікала сімпатыю ў сялян — тых, каму К. Каліноўскі адрасаваў на старонках газеты свае творы і ў чыіх душах сеяў усведамленне права «людзьмі звацца». У напісанні і выданні газеты апрача К. Каліноўскага прымалі ўдзел яго сябры-паплечнікі Валерый Урублеўскі (потым — генерал Парыжскай камуны) і паэт Фелікс Ражанскі. Каліноўскі-публіцыст бачыў, разумеў важнасць асветніцтва і ў сувязі з гэтым выключную ролю беларускага друкаванага слова ў абуджэнні стагоддзямі прыгнечанага народа. Па трапным выказванні С. Александровіча, «так пагарджанае беларускае слова ўпершыню выйшла з-пад сялянскай страхі на шырокі грамадскі прастор».