Мастацкі паказ падзей ад апісання іх у навуковым плане адрозніваецца тым, што ён больш маляўнічы, зрокава-наглядны, поўны бытавых падрабязнасцей і дэталей. Усе гэтыя падрабязнасці створаны фантазіяй мастака, а мы ўспрымаем іх так, нібы яны рэальна існавалі. Напрыклад, аўтар не мог бачыць ці даведацца з якой-небудзь гістарычнай крыніцы, што «кропля ўдарыла Халадку, які стаяў на забаролах, па брыве, потым мякка спаўзла па вейку, але ён нават не міргнуў, толькі хітнуў галавою, скінуў кроплю з вейкі». У выяўленні галоўнай сутнасці падзей, што адбываліся ў далёкім мінулым, мастацкі паказ з навуковым не разыходзіцца.