Другая актуальная праблема, на якую звярнуў увагу пісьменнік, была назва тых зямель, на якіх жылі беларусы.З 1840 года яны афіцыйна ў Расійскай імперыі сталі называцца «Северо-Западным краем». Неафіцыйна ж, па традыцыі, губерні Віленская, Гродзенская і Мінская называліся Літвой, а Магілёўская, Віцебская і Смаленская — Беларуссю. І вось кемлівы і дасведчаны Мацей Бурачок адпрэчвае, з аднаго боку, назву «Літва», з другога боку — «Северо-Западный край», даводзіць, што ўсюды трэба карыстацца адной назвай — «Беларусь». Каб не было ніякага сумнення ў правільнасці сваіх меркаванняў, Мацей Бурачок звяртаецца да гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, якое ў перыяд свайго росквіту працягнулася «ад Балтыцкага мора ўдоўжкі аж да Чорнага», а ў сярэдзіне яго, «як тое зярно ў гарэху, была наша зямліца — Беларусь». Паходжанне ж самой гэтай назвы тлумачыцца ім на эмацыянальным узроўні: «Не вялікая, не малая, не чырвоная, не чорная яна была, а белая, чыстая: нікога не біла, не падбівала, толькі баранілася». Мацей Бурачок гэтым выказваннем далучаецца да адной з версій паходжання назвы Белая Русь, на з якой частку Старажытнай Русі, а менавіта цяперашнія беларускія землі, назвалі так таму, што яны не былі заваяваны мангола-татарамі, заставаліся чыстыя (белыя) ад захопнікаў. Зразумела, гэта толькі адна з версій. Аднак «Прадмова» — твор публіцыстычны, а не навуковы, і ў ім не меншае значэнне, чым навуковы доказ, мае мастацкі домысел, вобразны выклад думкі, эмацыянальнае ўздзеянне на чытача.