Выпісать усе дзеяслоўныя формыpз тэксту. (Пасля бабінага лета, калі адыходзіць цяпло прасвечаных ужо халаднаватым сонцам асенніх дзянькоў, калі ў парках і скверах дагараюць клёны і патухаюць свечкі бярозак, калі дружна і густа сыплецца пасля начных замаразкаў лістота, надыходзіць сырая восеньская пара з дажджамі і пранізлівымі, парывістымі вятрамі, з-за якіх так не хочацца выходзіць з дому на вуліцу. У такі вось шэры, дажджлівы дзень, гуляючы па Траецкім прадмесці, я выйшаў на ўзбярэжжа Свіслачы, акурат насупраць гарбатага моста, што калісьці злучаў два берагі нешырокай тут ракі. Гэта ўжо потым, у васьмідзесятых гадах, пачынаючы ад Палаца спорту раскапалі, расшырылі тут рэчышча, пакінуўшы астравок, на які цяпер абапіраецца адным канцом стары гарбаты мост. Дзіўнае ўражанне пакідае гэты мост. Ён як параненая птушка з адным крылом. Перайшоўшы яго, бачыш, што дарогі далей няма - тупік. І адзінае, што ты можаш зрабіць, - гэта вярнуцца назад. Масты, як і дарогі, павінны кудысьці весці, а калі яны вось так неспадзявана абрываюцца ці заканчваюцца тупіком, то на душы застаецца адчуванне нейкай безвыходнасці і смутку. Вось такое адчуванне было ў мяне на душы, калі, перайшоўшы цераз гарбаты мост, я апынуўся насупраць невялікага храма-помніка. Пад купалам з крыжам наверсе - адлітыя ў бронзе постаці жанчын з жалобнымі тварамі самотна глядзелі на шэры асенні горад, на халодную ў рабацінні невысокіх хваляў, ваду Свіслачы. Кроплі дажджу сцякалі па іх тварах і здавалася, што бронзавыя жанчыны плачуць. «Востравам слёз» назвалі астравок у цэнтры старога Менска пасля таго, як тут збудавалі гэты помнік. Помнік мацярынскага гора і жальбы па забраных у іх дзяржавай і забітых невядома дзе і невядома за што сынах.)